ЯК ПАДАРОЖНІЧАЦЬ ТАННА

ЯК ВАНДРАВАЦЬ ПА ЕЎРОПЕ ТАННА? ТОП 9 ПАРАДАЎ АД КАМПАНІІ «У БЕЛАРУСЬ І ЕЎРОПУ – БЕЗ ВІЗЫ!»

Наўрад ці існуе на свеце чалавек, які б ніколі не хацеў пакінуць свой родны горад на некаторы час, пабачыць іншыя краіны і адкрыць для сябе цуды падарожжаў. Сёння гэта даволі проста. Існуе столькі магчымасцяў, каб пазнаёміцца з іншымі культурамі, сустрэць новых і цікавых людзей, пабачыць прыгожыя месцы гэтай планеты і набыць неверагодныя ўражанні. І для гэтага не патрэбна шмат грошай. Наступныя парады дапамогуць вам не толькі зразумець, што на падарожжа вашай мары не трэба збіраць сродкі дзесяцігоддзямі, але і падкажуць, як спланаваць яго так, каб засталіся толькі добрыя ўспаміны.

1. Самастойнае планаванне

Каб з’эканоміць на вандроўцы, не абавязкова звяртацца да тураперата. Па-першае, вы не будзеце прывязаны да групы і пабачыце ўсё, што толькі самі пажадаеце. Па-другое, самастойнае планаванне абыходзіцца як мінімум ў 2 разы танней.

Самастойна спланаваць падарожжа вам дапамогуць еўрапейскія сайты, арыентаваныя на падарожнікаў, напрыклад:

  • Францыя: www.ru.franceguide.com
  • Чэхія: www.czechtourism.com/Homepage.aspx
  • Іспанія: www.spain.info
  • Італія: www.italy.ru
  • Аўстрыя: www.austria.info/ru_b2b
  • Данія: www.visitdenmark.ru/ru/denmark/tourist-frontpage-russia

У самастойным планаванні таксама будуць карысныя і беларускія рэсурсы, як www.eurotrip.by, vandrouka.by.

Але, гэтая парада не падыходзіць тым, хто шукае адпачынак на пляжы. У гэтым выпадку, лепш пашукаць добрага тураператара.

2. Добра вывучыце месца, куды збіраецеся

Перад тым, як сабрацца ў дарогу, неабходна добра падрыхтавацца. Пашукайце на форумах ці спытайце ў знаёмых, хто ўжо наведаў гэтае месца, што трэба пабачыць, куды лепей ісці, дзе можна знайсці таннае жытло, дзе лепей мяняць грошы і іншыя дробязі. Гэта дапаможа вам арыентавацца і спланаваць сваю вандроўку. Памятайце, што ў Інтэрнэце хапае рэсурсаў для вандроўцаў, а таксама гайдаў па розным куткам свету. Напрыклад, беларускі гайд па некаторым гарадам Еўропы ад 34mag.net.

3. Браніраванне жылля

Аб месцы, дзе жыць, варта паклапаціцца заранёў. Лепш браніраваць гатэлі на спецыялізаваных сайтах. Так вы не застанецеся без даху над галавой у незнаёмым горадзе і зможаце жыць ў гатэлі з задавальняючымі вас коштамі і ўмовамі. Вось некаторыя сайты:

  • www.tripadvisor.com
  • www.booking.com
  • www.hoteleine.com
  • www.hotelguide.com
  • www.getaroom.com
  • www.morehotels4less.com

Часам, для тых, хто замаўляе нумар загадзя, гатэлі прапаноўваюць зніжку (10–15%). Акрамя таго, праверце, ці няма спецыяльных прапановаў на ваш гатэль ад авіякампаніі, якой Вы паляціце.

Памятайце! Браніраванне гатэля — гэта не толькі ўпэўненасць у тым, што вам будзе дзе жыць, але і, вельмі часта, патрэбная «паперка» для атрымання візы.

4. Хостэлы

Значна з’эканоміць на жыллі можна, калі спыніцца ў хостэле. У ЕС шмат хостэлаў, дзе ноч каштуе ўсяго 10–15 еўра. Але месца ў хостэле таксама лепш браніраваць загадзя. Гэта можна зрабіць на сайце кшталту www.hostels.com.

Варта добра азнаёміцца з ўмовамі, што прапануе хостэл. Часам, танныя пакоі здаюцца на 15–20 чалавек.

5. Бясплатнае жыллё

Яшчэ адзін варыянт жылля для падарожнікаў, які дазваляе не проста бясплатна правесці некалькі начэй у чужой кватэры, але яшчэ і пазнаёміцца з культурай краіны, паглядзець яе славутыя мясціны і набыць новых сяброў.

Каўчсёрфінг — гэта сусветная суполка, фактычна сацыяльная сетка для вандроўнікаў. З ангельскай мовы назва перакладаецца даслоўна як «свабодныя канапы».

Сістэма каўчсёрфінгу простая: спачатку трэба прайсці рэгістрацыю на сайце, пасля гэтага вам прапануецца прайсці платную верыфікацыю — пацверджанне асобы — гэта для таго, каб пазбегнуць фэйкавых профіляў ды павысіць узровень даверу. Але гэты крок можна і прапусціць. І ўсё! Цяпер, калі вам патрэбна месца ў іншым горадзе, можаце шукаць чалавека, які вам дапаможа. Плата за такое жыллё, як правіла, гэта сувеніры са сваёй краіны і дапамога па гаспадарцы. Яшчэ адзін плюс каўчсёрфінгу ў тым, што многія мясціны, пра якія вам раскажуць і якія пакажуць жыхары горада, недаступныя для іншых турыстаў, бо проста не ўваходзяць у галоўныя турыстычныя маршруты.

Асноўныя правілы для пачынаючых каўчсёрфераў:

  1. У сваім профілі змясціце як мага больш інфармацыі і фотаздымкаў з вамі. Так лягчэй увайсці ў давер і зацікавіць патрэбных людзей.
  2. Уважліва праглядайце профілі тых, хто просіцца да вас у госці.
  3. Будзьце пунктуальнымі і адказнымі. Загадзя прадумайце план падарожжамі, дакладна папярэдзьце чалавека, да якога вы едзеце, пра дату і час вашага прыезду.
  4. Прывязіце сувеніры са сваёй краіны ці прыгатуйце нацыянальную ежу.
  5. Будзьце прыветлівымі, адкрытымі і талерантнымі.
  6. Абавязкова пакіньце водгук на сайце на таго чалавека, у якога вы спыняліся.

6. Танныя авіялініі

Лоўкост-авіякампаніі ці дыскаўнтэры маюць ніжэйшыя кошты на квіткі чым традыцыйныя авіакампаніі. Звычайна зніжкі на пералёты абумоўленыя тым, што лоўкосты ляцяць не з вялікіх аэрапортаў, а з маленькіх аэрадромаў, далёка ад горада, на борце вам не прапануюць абед ці напоі, а таксама абмяжоўваецца колькасць багажу.

Шукаем танныя квіткі тут:

  • www.skyscanner.ru
  • www.whichbudget.com
  • www.air-savings.com
  • www.cheaptickets.com
  • www.epronto.ru/tickets

Трэба зайсці на сайт авіякампаніі, выбіраць патрэбную дату і аэрапорт прызначэння. Калі ёсць квіткі, сістэма адразу паказвае, па якім кошце. Далей запаўняем анкету: прозвішча, імя, адрас звычайны і e-mail, нумар пашпарту і крэдытнай карты. Галоўнае — запоўніць анкету без памылак, інакш рэзервацыя будзе на чужое імя, або авіякампанія не зможа атрымаць аплату з банкаўскага рахунку. Потым па электроннай пошце прыйдзе пацверджанне: тэкст дамовы і код рэгістрацыі рэзервацыі. Па ім вы атрымаеце квіток у аэрапорце, альбо за некалькі дзён да вылету ў вас з’явіцца магчымасць атрымаць пасадачны квіток онлайн.

Найлепш планаваць сваё падарожжа і набываць квіткі за некалькі месяцаў загадзя. Аплачаны квіток нельга ануляваць. Перанесці на іншую дату часцей за ўсё можна, але за дадатковыя грошы. Таму купляйце квіток толькі тады, калі цвёрда ўпэўненыя ў датах, рэйсах і маршрутах.

Найбольш вядомыя і зручныя лоўкосты

  • RYANAIR

Найбуйнейшая бюджэтная авіякампанія ў Еўропе. Абслугоўвае 362 кірункі паміж 130 аэрапортамі ў 20 еўрапейскіх краінах і Марока. Найбліжэйшыя аэрапорты вылету — Коўня, Вільня.

  • WIZZAIR

Вугорская бюджэтная авіякампанія. Абслугоўвае 32 кірункі ў 16 краінах. Найбліжэйшыя аэрапорты вылету — Кіеў, Варшава, Рыга, Вільня.

  • GERMANWINGS

Бюджэтная дачка Lufthansa. Абслугоўвае больш за 64 кірункі. Найбліжэйшыя аэрапорты вылету — Масква, Кракаў.

  • AIR BALTIC

Латвійская нацыянальная авіякампанія. Найбліжэйшыя аэрапорты вылету — Менск, Вільня, Кіеў, Рыга

  • EASYJET

З’яўляецца адной з найбуйнейшых лоўкост-авіякампаніяў Еўропы. Выконвае ўнутраныя і міжнародныя рэйсы па 387 кірунках паміж 104 еўрапейскімі і паўднёвымі аэрапортамі. Найбліжэйшыя аэрапорты — Кракаў, Талін.

  • NORWEGIAN

Чацьвертая па велічыні лоўкост-авіякампанія Еўропы. Абслугоўвае 85 кірункаў у 27 краінах. Найбліжэйшыя аэрапорты — Варшава, Вільня.

7. Аўтаспын

Аўтаспын і да сёння застаецца хуткім, цікавым і рамантычным спосабам перамяшчэння. Але, не трэба забываць пра яго небяспечнасць і пэўную долю экстрыму. Каб вандраваць аўтаспынам, таксама добра падрыхтуйцеся. Можна скарыстацца старонкай аднаго аўтаспыншчыка — hitchwiki.org. Там шмат увагі надаецца еўрапейскім дарогам, пазначаным і апісаным пазіцыям на іх і, асабліва важна, — выездам з буйных еўрапейскіх гарадоў. Не забудзьцеся пра мапы і светаадбітнікі.

Калі Вы вандруеце адзін, то заўсёды можна знайсці спутнікаў у сацыяльных сетках, дзе хапае спецыялізаваных суполак. Ці суполка беларускіх стопшчыкаў.

Болей пра аўтаспын: Пачынаем вандраваць аўтаспынам!

8. Як зэканоміць: зніжкі для студэнтаў праз ISIC

Звычайна ў многіх краінах Еўропы дзейнічаюць зніжкі для студэнтаў. Калі вы студэнт, вам дапаможа студэнцкая карта ISIC. ISIC — гэта адзінае прызнанае ў свеце пасведчанне асобы і статусу навучэнца.

Студэнцкія карткі ISIC дазваляюць эканоміць ад 5% да 100% на размяшчэнне ў гатэлях, хостэлах, на авіябілеты і чыгуначныя квіткі, аўтобусныя перавозкі, гарадскі транспарт, наведванне музеяў, тэатраў, кінатэатраў, выстаў, вольны час у клубах, дыскатэках, рэстаранах, кафэ, атрымаць зніжкі на пакупкі ў крамах і іншыя паслугі. Больш за 40 000 зніжак па ўсім свеце! Ёсць таксама міжнародная бясплатная экстраная тэлефонная інфармацыйная служба «ISIC Help Line», куды можна звярнуцца ў выпадку ўзнікнення юрыдычных, медыцынскіх і іншых праблем за мяжой.

Але, трэба памятаць, што ISIC дзейнічае з пачатку навучальнага года (1 верасня) да канца наступнага каляндарнага года (31 снежня).

9. SIM-карткі і роўмінг

Калі вандруеце рэдка, то можна набываць проста сім-картку з Інтэрнэт-пакетам у той краіне, куды едзеце, каб заставацца на сувязі з роднымі. Але каб значна з’эканоміць на размовах, звярніце ўвагу на, напрыклад, тарыфныя планы літоўскіх ці польскіх аператараў. Размовы ў роўмінгу і Інтэрнэт абыдуцца нашмат танней.

Добавить комментарий

*