Сэрца травінкі падслухаць біццё…

Жыццёвы шлях.

Кажуць, што талент, калі гэта сапраўдны талент, можа і не спяшацца адкрыцца ў чалавеку, засцігаючы яго ў тым ці іншым, нават ужо сталым, узросце як бы імгненна і раптам, і гэтак жа імгненна і раптам пераварочваючы жыццё чалавека быццам дагары нагамі ці, наадварот, вылучаючы на першы план ужо іншыя жыццёвыя арыенціры… А яшчэ кажуць, шті таленавітага чалавека, як і чалавека добрага, многа: ён паспявае і тут, і там, яго талент у нейкай канкрэтнай справе як бы падсвечвае ўсе іншыя справы гэтага чалавека, а міжволі “свеціць” і тым людзям, якія з ім кантактуюць… І адно, і другое аднолькава датычыць Юрыя Акудовіча – адметнага фотамайстра,  турыста, выкладчыка, пісьменніка, разьбяра па дрэве, проста надзвычай цікавага і разнастайнага чалавека.

Наогул, многае ў біяграфіі Юрыя Васільевіча ўражвае і прымушае здзіўляцца чалавечай дапытлівасці, мэтанакіраванасці і мужнасці. Нарадзіўся ён у 1954 годзе ў пасёлку Свіслач Гродзенскай вобласці. Першыя турыстычныя паходы, успамінае Юрый Васільевіч, пачаліся яшчэ ў школьныя гады. Але да паступлення ў Інстытут фізічнай культуры заняткі турызмам былі спантаннымі. У рэальнае турысцкае асяроддзе трапіў толькі дзякуючы брату, чые аповеды пра Урал ды Саяны настолькі захапілі юнака, што, эаймаючыся ў Інстытуце фізкультуры на кафедры лёгкай атлетыкі, Юрый вырашыў памяняць спецыялізацыю на турызм. Натхніў жа яго на гэты крок аўтар тэарэтычных канцэпцый спартыўнага турызму У.І.Ганапольскі, дзякуючы якому ў 1972 годзе ў інстытуце быў арганізаваны турысцкі клуб, а старшынёй яго неўзабаве быў выбраны Юрый Акудовіч. Першы прафесійны спартыўны паход – і адразу другой катэгорыі – па Крыме ў маі 1972 года. А пасля – штогод па чатыры-пяць катэгарыйных паходаў, пакуль ў 1974-м цяжкая вандроўка па Каўказе ледзь не закончылася трагічна. Давялося задумацца аб прыярытэтах і ў жыцці, і ў турызме…

Але турызм усё-такі аказаўся планідай. Пасля заняткаў у інстытуце і службы ў войску Юрый займае пасаду трэнера па турызме на Мінскім падшыпнікавым заводзе – і зноў чарговы выпрабавальны ўдар лёсу: пры падрыхтоўцы зборнай Беларусі да І Усесаюзнага злёту турыстаў-пешаходаў Юрый атрымаў цяжкую траўму хрыбта. У выніку – параліч, другая група інваліднасці і працяглая барацьба за жыццё, за магчымасць рухацца і – зноў жа – за турызм.

Менавіта прага да заняткаў турызмам, немагчымасць існавання без іх дапамаглі ўстаць на ногі, вярнуцца да паўнацэннага жыцця, прадоўжыць займацца любімай справай, выканаць норму майстра спорту СССР па турызме, а ў 1983 годзе ў складзе зборнай каманды Беларусі стаць чэмпіёнам СССР. На працягу 1980–1990-х працаваў на розных пасадах у турыстычнай сферы, у тым ліку намеснікам дырэктара Рэспубліканскай станцыі юных турыстаў, кіраўніком Турасцка-спартыўнага саюза Рэспублікі Беларусь і інш. Сёння, працуючы намеснікам дырэктара ТАА “Экспабізнестур”, паралельна выкладае ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.

Мастацкі шлях

Захапленне фатаграфіяй прыйшло да Юрыя, яшчэ калі той быў студэнтам і пачынаючым турыстам: спачатку былі здымкі, зробленыя для справаздач, пасля – пейзажы, якія адлюстравалі ўсё дзівоснае багацце горных раёнах былога СССР, дзе даводзілася вандраваць Юрыю. Але сам аўтар лепшай лічыць калекцыю слайдаў, знятую ў Нарачанскім краі, які стаў яго ўлюбленым месцам.

Каляровай жа фатаграфіяй Юрый Акудовіч пачаў займацца адносна нядаўна, і то – выключна для сябе, бо, як гаворыць ён сам: “Я аматар, для мяне гэта – захапленне… Але дзіўна! Гэтае захапленне дапамагае мне і ў працы, і ў жыцці. З захаленнем фатаграфіяй сапраўды ўзбагаціўся сэнс майго жыцця. Я раней заўсёды думаў, што толькі ад жывапісных работ можа ісці энергія. Але калі пачаў уважлівей прыслухоўвацца да сваіх работ, мяне ўразіла тое, што і ад іх таксама ідзе нейкая энергія…”

Неўзабаве ў неверагодна насычаным, верлівым жыцці Юрыя Акудовіча з’явілася яшчэ адно хобі – разьба па дрэве. “Відаць, гены праявіліся, – усміхаецца Юрый Васільевіч, – у мяне бацька цясляр, і ў нас дома ўся мэбля зроблена яго рукамі”. Першым вырабам стала лыжка, выразаная з ліпы падчас паходу па Нарачы. Затым стаў прыглядацца да прыродных “скульптур” з карчаг, сукоў, звярнуў увагу на кап. Заставалася толькі разцом падкрэсліць прыроду нараста, каб ён “зайграў”, і апрацаваць. Выкарыстоўвае ў сваіх работах майстар і какосавы арэх, падатлівы ў разьбе, цікавы і арыгінальны па фактуры. На пытанне, адкуль знаходзіцца на ўсё гэта час, Юрый Васільевіч сціпла адказвае: “Гэта псіхалагічная разгрузка, настолькі захапляешся, што забываеш пра час. Супакойваеш нервы, забываеш пра паўсядзённасць…”

Комментарии (всего 2)

  1. митрахович

    Вiншаваннi з юбiлеям i шчырыя найлепшыя пажажаннi!

  2. model

    Так сама, вiншую!!! Крэпкага i моцнага здароўя!!!

Добавить комментарий

*